Перайсці да зместу
Да палітыкі
Палітыка

Моладзевая палітыка

Канцэпт Стратэгіі развіцця моладзевай палітыкі з'яўляецца комплексным дакументам, які адлюстроўвае сістэму поглядаў і падыходаў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці па ўдасканаленні ўмоў для эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці Рэспублікі Беларусь.

01 — Механізмы ўдзелу моладзі, грамадская актыўнасць і валанцёрства

Задачы

  1. 01

    Уключэнне моладзі ў працэс прыняцця рашэнняў.

  2. 02

    Павышэнне палітычнай культуры і стварэнне ўмоў для свабоднага і добраахвотнага ўдзелу моладзі ў грамадскім і палітычным жыцці.

  3. 03

    Павышэнне разнастайнасці і ўстойлівасці грамадскага моладзевага сектара ў Беларусі.

  4. 04

    Фармаванне прыярытэтаў моладзевай палітыкі, якія грунтуюцца на патрэбах моладзі.

  5. 05

    Партысіпатыўнае фармаванне бюджэту моладзевай палітыкі.

  6. 06

    Забеспячэнне роўнага доступу да ўдзелу для ўсіх груп моладзі, асабліва для тых, каго чуюць найменш: моладзі з малых гарадоў і вёсак, з інваліднасцю, з нацыянальных меншасцей, ЛГБТК+, моладзі, якая не вучыцца і не працуе, а таксама моладзі за мяжой.

  7. 07

    Гарантаванне свабоды аб'яднанняў і абароны моладзі ад прымусу і пераследу за грамадскую актыўнасць.

  8. 08

    Прызнанне і падтрымка валанцёрства як добраахвотнай і сацыяльна каштоўнай дзейнасці.

Механізмы рэалізацыі

  1. 01

    Дэпалітызацыя заканадаўчай базы. Пераход ад «выхавання лаяльнасці» да «падтрымкі суб'ектнасці».

  2. 02

    Зніжэнне ўзросту актыўнага выбарчага права да 16 гадоў на ўсіх выбарах і рэферэндумах, пасіўнага выбарчага права ў парламент — з 21 да 18 гадоў.

  3. 03

    Увядзенне мадэлі сумеснага кіравання (co-management): прыярытэты, праграмы і бюджэт дзяржаўнай моладзевай палітыкі зацвярджаюцца ўпаўнаважаным дзяржаўным органам і Моладзевым Саветам пры парламенце на парытэтнай аснове.

    • Наданне Моладзеваму Савету пры парламенце права заканадаўчай ініцыятывы і права вета датычна моладзевай палітыкі.
    • Рэфармаванне мадэлі фармавання, дзе дэлегаты прапарцыйна фармуюцца праз прамыя выбары, дэлегаванне з боку НДА і сацыяльную квоту.
    • Права адкладальнага вета: у выпадку адмоўнага заключэння Моладзевага Савета парламент абавязаны паўторна разгледзець законапраект і публічна абгрунтаваць сваё рашэнне.
    • Вылучэнне моладзевых прадстаўнікоў праз Моладзевы Савет пры парламенце для забеспячэння ўдзелу моладзі ў распрацоўцы і рэалізацыі рашэнняў у камісіях пры дзяржаўных органах улады.
    • Стварэнне моладзевых саветаў у кожным горадзе і раёне з выбарнай мадэллю фармавання і правам удзельнічаць у планаванні, падрыхтоўцы і кантролі рашэнняў, якія тычацца моладзі.
    • Увядзенне абавязковай моладзевай праверкі законапраектаў і дзяржаўных праграм: незалежная ацэнка іх уплыву на моладзь з кансультацыямі з маладымі людзьмі і публікацыяй вынікаў.
    • Абавязак органаў улады даваць публічны пісьмовы адказ на прапановы моладзевых саветаў у вызначаны тэрмін: што ўлічана, што не і чаму.
  4. 04

    Забеспячэнне доступу моладзі да адкрытых дадзеных, якія тычацца палітычных і эканамічных рашэнняў, каб яна магла актыўна ўдзельнічаць у працэсах прыняцця рашэнняў і ацэнцы іх эфектыўнасці.

  5. 05

    Стварэнне заканадаўчай базы для рэгулявання валанцёрскай дзейнасці, якая б дакладна вызначала правы і абавязкі валанцёраў, іх абарону ад няшчасных выпадкаў і іншыя аспекты дзейнасці.

  6. 06

    Пазбаўленне «БРСМ» манапалісцкага статусу. Скасаванне прававых і фінансавых прывілеяў.

  7. 07

    Забеспячэнне празрыстых і адкрытых конкурсаў для грамадскіх ініцыятыў і праектаў, дзе моладзь магла б прапаноўваць ідэі для вырашэння сацыяльных праблем і атрымліваць на гэта фінансаванне, даступных для ўсіх моладзевых грамадзянскіх суб'ектаў.

  8. 08

    Размеркаванне дзяржаўных грантаў праз незалежны ад урада фонд з удзелам прадстаўніц і прадстаўнікоў моладзевых арганізацый у прыняцці рашэнняў і адзінымі, ідэалагічна нейтральнымі крытэрыямі для ўсіх заяўнікаў.

  9. 09

    Трансфармацыя моладзевых цэнтраў у «адкрытыя прасторы» (Open Spaces), дзе кіраўнік выбіраецца моладзевым саветам горада і доступ да памяшканняў маюць усе моладзевыя групы бясплатна або за сімвалічную плату на камунальныя паслугі.

  10. 10

    Амністыя і аднаўленне статусу забароненых моладзевых арганізацый.

  11. 11

    Скасаванне адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (арт. 193-1 КК) і пераход да паведамляльнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў.

  12. 12

    Ахова персанальных дадзеных удзельніц і ўдзельнікаў механізмаў удзелу і забарона перадачы іх сілавым структурам без судовага рашэння.

  13. 13

    Доступ нефармальных груп моладзі да грантаў без рэгістрацыі юрыдычнай асобы.

  14. 14

    Забеспячэнне безперашкоднай дзейнасці міжнародных фондаў і донараў, якія фінансава падтрымліваюць моладзевыя НКА/НДА і не парушаюць заканадаўства РБ.

  15. 15

    Рэгулярнае, раз на 4 гады, незалежнае даследаванне становішча моладзі, на падставе якога ўрад абнаўляе праграму моладзевай палітыкі.

  16. 16

    Афіцыйнае прызнанне валанцёрскага досведу (сертыфікат кампетэнцый, улік пры паступленні і працаўладкаванні), кампенсацыя выдаткаў і страхаванне валанцёраў, забарона выкарыстоўваць валанцёраў замест аплатнай працы.

Заставайся на сувязі

Навіны, заявы і анонсы сустрэч — першымі ў нашым Telegram-канале.

Падпісацца