Правілы бяспекі
Гэтыя правілы — для сябраў «Маладой Грамады» і для ўсіх, хто звязаны з беларускай палітыкай. Яны не даюць гарантый, але прыкметна зніжаюць рызыку. У іх аснове — наш пратакол бяспекі, абноўлены паводле рэкамендацый праваабаронцаў і экспертаў па лічбавай бяспецы. Гэта не юрыдычная кансультацыя: у складанай сітуацыі звяртайцеся да спецыялістаў са спіса ўнізе.
Абноўлена: лістапад 2026
Галоўнае за хвіліну
Базавая лічбавая гігіена. Гэтыя правілы абавязковыя для ўсіх сябраў, дзе б вы ні жылі.
Месенджары
Адчувальныя размовы — у Signal
У Signal скразное шыфраванне ўключана заўсёды, а нумар можна схаваць за імем карыстальніка. Звычайныя чаты Telegram захоўваюцца на яго серверах без скразнога шыфравання, а з верасня 2024 года Telegram можа перадаваць уладам IP-адрас і нумар тэлефона. Калі ўсё ж Telegram — то толькі сакрэтны чат.
Спачатку таймер, потым паведамленне
Уключыце знікальныя паведамленні па змаўчанні: 1 дзень або 1 тыдзень, калі перапіска спатрэбіцца даўжэй. Калі таймер у чаце выключаны, спачатку ўключыце яго і толькі потым пішыце. Непатрэбную гісторыю выдаляйце ва ўсіх удзельнікаў. Таймер не дапаможа, калі тэлефон суразмоўцы забралі разблакаваным.
Налады Telegram
Налады → Канфідэнцыяльнасць:
- Воблачны пароль (двухфактарная аўтэнтыфікацыя) з надзейнай поштай для аднаўлення і код-пароль на праграму.
- Нумар тэлефона: хто бачыць — «Ніхто», хто можа знайсці па нумары — «Мае кантакты».
- Апошняя актыўнасць, фота профілю, спасылка пры перасылцы — «Ніхто».
- Званкі — «Мае кантакты», peer-to-peer — «Ніхто»: так суразмоўца не бачыць ваш IP-адрас.
- Аўтавыдаленне паведамленняў па змаўчанні, захоўванне медыя — мінімальны тэрмін.
- Выдаленне акаўнта пры неактыўнасці — 1 месяц, калі вы ў Беларусі.
- Актыўныя сеансы — правярайце раз на месяц і пасля любога падазронага выпадку.
Асобнае імя карыстальніка
Для актывізму выкарыстоўвайце выпадковы @username, які не супадае ні з сапраўдным імем, ні з нікамі ў іншых сацсетках. Кантактамі дзяліцеся толькі праз @username, а не праз нумар.
Акаўнты і паролі
Менеджар пароляў
Для кожнага сэрвісу — свой унікальны пароль, а захоўвае іх менеджар пароляў, напрыклад Bitwarden або KeePassXC.
Пароль-фраза
Там, дзе пароль трэба памятаць, выкарыстоўвайце фразу з 4–6 выпадковых слоў, не карацейшую за 15 сімвалаў. Яе лягчэй запомніць і цяжэй падабраць, чым кароткі пароль са спецсімваламі.
Двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўсюды
Уключайце другі фактар ва ўсіх сэрвісах: праграму-аўтэнтыфікатар або ключ доступу (passkey), а не SMS. Рэзервовыя коды захоўвайце афлайн.
Надзейная пошта
Proton або Gmail з двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй, для актывізму — асобны адрас. Ніякіх .ru і .by, Яндэкса і Mail.ru. Пошта не падыходзіць для адчувальных размоў.
Прылады
Код блакавання, а не графічны ключ
На тэлефоне — код не карацейшы за 6 сімвалаў, лепш з літар і лічбаў. Графічны ключ лёгка падгледзець і падабраць.
Біяметрыю — выключыць у рызыкоўны момант
Перад мяжой, акцыяй або сустрэчай з паліцыяй адключыце ўваход па адбітку пальца і твары і цалкам выключыце тэлефон: выключаны тэлефон цяжэй узламаць, а пальцам яго гвалтам не разблакуюць.
Шыфраванне
Смартфон з кодам блакавання шыфруецца сам. На камп'ютары ўключыце FileVault (macOS), BitLocker або «Шыфраванне прылады» (Windows); для асобных файлаў падыдзе VeraCrypt.
Абнаўленні важнейшыя за «схаваныя прасторы»
Карыстайцеся тэлефонам, які атрымлівае абнаўленні бяспекі, і ўсталёўвайце іх адразу. Людзям з групы рызыкі на iPhone варта ўключыць рэжым блакавання (Lockdown Mode). Схаваныя профілі накшталт «другой прасторы» не хаваюць даныя пры экспертызе — небяспечнае лепш наогул не захоўваць на тэлефоне.
Прылада пабывала ў сілавікоў
Лічыце яе заражанай: у 2025 годзе знайшлі шпіёнскую праграму, якую КДБ ставіць на тэлефоны затрыманых. Скіньце прыладу да завадскіх налад або замяніце яе, з іншай прылады змяніце паролі і завяршыце ўсе сеансы, папярэдзьце кантакты. Для актывізму гэтую прыладу больш не выкарыстоўвайце.
Сетка і званкі
VPN
Толькі платны правераны сэрвіс — не бясплатны і не расійскі. Абавязковы ў Беларусі і Расіі, пажаданы ў публічным Wi-Fi. VPN абараняе канал сувязі, але не робіць вас ананімнымі і не дапаможа, калі правяраюць сам тэлефон.
Званкі
Адчувальныя званкі — у Signal. Zoom — толькі з уключаным скразным шыфраваннем, Google Meet — толькі для адкрытых сустрэч. Размаўляйце ў навушніках, а не праз гучную сувязь, камеру ўключайце толькі калі трэба.
Асцярожна з новымі кантактамі
Не адкрывайце спасылкі і файлы ад незнаёмых без праверкі. Кароткія спасылкі накшталт iplogger адкрывайце толькі праз VPN, а ад ненадзейных кантактаў — не адкрывайце наогул. Нікому не перасылайце коды ўваходу з SMS і Telegram і звярайце ботаў і каналы з афіцыйным сайтам арганізацыі.
Без расійскіх і беларускіх сэрвісаў
Не карыстайцеся сэрвісамі, чые серверы ў Расіі або Беларусі: Яндэкс, VK, Аднакласнікі, Mail.ru, месенджар MAX.
Фота і публікацыі
Без геатэгаў і лішняга фону
Прыбірайце з фота геатэгі і метаданыя, не публікуйце ў рэальным часе, дзе вы знаходзіцеся. Правярайце фон: адрасы, нумары машын, дакументы, від з акна.
Чужыя твары — толькі са згоды
Не публікуйце людзей, якіх можна пазнаць, без іх яўнай згоды, а тых, хто можа паехаць у Беларусь, не здымайце наогул. Не выкладвайце фота сваякоў, якія жывуць у Беларусі.
Калі затрымалі
Што рабіць пры затрыманні ў Беларусі і што рабіць блізкім.
Вам
- 1
Спакойна
Не супраціўляйцеся фізічна. Спытайце, на якой падставе вас затрымліваюць і які ў вас статус: затрыманы, падазраваны ці сведка.
- 2
Не сведчыце супраць сябе
Паводле артыкула 27 Канстытуцыі ніхто не абавязаны даваць паказанні супраць сябе, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў. Скажыце: «Хачу адваката, да гэтага паказанняў не даю».
- 3
Паролі
За адмову разблакаваць тэлефон могуць пакараць — рашэнне застаецца за вамі, але абдумайце яго загадзя, а не ў кабінеце.
- 4
15 сутак — не заўсёды канец
Адміністрацыйны арышт нярэдка падаўжаюць або ператвараюць у крымінальную справу. Калі тэлефон вярнулі, лічыце яго заражаным.
Блізкім
- 1
Што рабіць
Пакрокавы план для родных і сяброў:
- Даведайцеся, дзе ўтрымліваюць чалавека: праз дзяжурную частку або ізалятар.
- Знайдзіце адваката.
- Перадайце рэчы паводле правілаў установы.
- Не публікуйце даныя затрыманага без узгаднення.
- Не плаціце «ўнёскі» без кансультацыі з юрыстам.
- Паведаміце праваабаронцам праз абаронены канал.
Куды звяртацца па дапамогу
Шмат якія з гэтых арганізацый улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі». З Беларусі пішыце ім толькі праз Signal або Proton і не захоўвайце перапіску.
- Праваабарончы цэнтр: юрыдычная дапамога і маніторынг палітычных спраў.
- Бясплатная кругласутачная дапамога па лічбавай бяспецы, у тым ліку па-руску.
- Экстраная дапамога праваабаронцам і актывістам у небяспецы.
- Дапамога пры ціску і вярбоўцы, кансультацыі па рызыках.
- Правы чалавека, дакументы, завочныя працэсы.
- Фонд салідарнасці: экстраная падтрымка рэпрэсаваных.
Крыніцы
- EUAA — Belarus: Political Opposition and Dissent (June 2026)
- HRW — Belarus Escalates Punitive Use of Extremism Legislation (April 2026)
- HRW — World Report 2026: Belarus
- Новая газета Европа — Камера подписки и распространения (июль 2025)
- BAJ / RSF — new spyware from Belarus, ResidentBat (December 2025)
- LRT — Lithuanian intelligence: KGB targets the Belarusian diaspora (July 2025)
- Dissidentby — массовые попытки вербовки беларусов за рубежом (июнь 2026)
- HRW — Belarus Decree Puts Exiled Citizens at Risk (September 2023)
- Freedom House — TNR Watch: Interpol notices (July 2024)
- EFF — Surveillance Self-Defense
- NIST SP 800-63B-4 — Authenticators (2025)