Перайсці да зместу
Бяспека

Правілы бяспекі

Гэтыя правілы — для сябраў «Маладой Грамады» і для ўсіх, хто звязаны з беларускай палітыкай. Яны не даюць гарантый, але прыкметна зніжаюць рызыку. У іх аснове — наш пратакол бяспекі, абноўлены паводле рэкамендацый праваабаронцаў і экспертаў па лічбавай бяспецы. Гэта не юрыдычная кансультацыя: у складанай сітуацыі звяртайцеся да спецыялістаў са спіса ўнізе.

Абноўлена: лістапад 2026

Галоўнае за хвіліну

  1. 1Адчувальныя размовы — у SignalДля ўсіх
  2. 2Двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўсюдыДля ўсіх
  3. 3Біяметрыю — выключыць у рызыкоўны момантДля ўсіх
  4. 4VPNДля ўсіх
  5. 5З сабой — тэлефон, у якім няма да чаго прычапіццаУ Беларусі
  6. 6Не ездзіце ў Беларусь і РасіюЗа мяжой

Базавая лічбавая гігіена. Гэтыя правілы абавязковыя для ўсіх сябраў, дзе б вы ні жылі.

Месенджары

Адчувальныя размовы — у Signal

У Signal скразное шыфраванне ўключана заўсёды, а нумар можна схаваць за імем карыстальніка. Звычайныя чаты Telegram захоўваюцца на яго серверах без скразнога шыфравання, а з верасня 2024 года Telegram можа перадаваць уладам IP-адрас і нумар тэлефона. Калі ўсё ж Telegram — то толькі сакрэтны чат.

Спачатку таймер, потым паведамленне

Уключыце знікальныя паведамленні па змаўчанні: 1 дзень або 1 тыдзень, калі перапіска спатрэбіцца даўжэй. Калі таймер у чаце выключаны, спачатку ўключыце яго і толькі потым пішыце. Непатрэбную гісторыю выдаляйце ва ўсіх удзельнікаў. Таймер не дапаможа, калі тэлефон суразмоўцы забралі разблакаваным.

Налады Telegram

Налады → Канфідэнцыяльнасць:

  • Воблачны пароль (двухфактарная аўтэнтыфікацыя) з надзейнай поштай для аднаўлення і код-пароль на праграму.
  • Нумар тэлефона: хто бачыць — «Ніхто», хто можа знайсці па нумары — «Мае кантакты».
  • Апошняя актыўнасць, фота профілю, спасылка пры перасылцы — «Ніхто».
  • Званкі — «Мае кантакты», peer-to-peer — «Ніхто»: так суразмоўца не бачыць ваш IP-адрас.
  • Аўтавыдаленне паведамленняў па змаўчанні, захоўванне медыя — мінімальны тэрмін.
  • Выдаленне акаўнта пры неактыўнасці — 1 месяц, калі вы ў Беларусі.
  • Актыўныя сеансы — правярайце раз на месяц і пасля любога падазронага выпадку.
Асобнае імя карыстальніка

Для актывізму выкарыстоўвайце выпадковы @username, які не супадае ні з сапраўдным імем, ні з нікамі ў іншых сацсетках. Кантактамі дзяліцеся толькі праз @username, а не праз нумар.

Акаўнты і паролі

Менеджар пароляў

Для кожнага сэрвісу — свой унікальны пароль, а захоўвае іх менеджар пароляў, напрыклад Bitwarden або KeePassXC.

Пароль-фраза

Там, дзе пароль трэба памятаць, выкарыстоўвайце фразу з 4–6 выпадковых слоў, не карацейшую за 15 сімвалаў. Яе лягчэй запомніць і цяжэй падабраць, чым кароткі пароль са спецсімваламі.

Двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўсюды

Уключайце другі фактар ва ўсіх сэрвісах: праграму-аўтэнтыфікатар або ключ доступу (passkey), а не SMS. Рэзервовыя коды захоўвайце афлайн.

Надзейная пошта

Proton або Gmail з двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй, для актывізму — асобны адрас. Ніякіх .ru і .by, Яндэкса і Mail.ru. Пошта не падыходзіць для адчувальных размоў.

Прылады

Код блакавання, а не графічны ключ

На тэлефоне — код не карацейшы за 6 сімвалаў, лепш з літар і лічбаў. Графічны ключ лёгка падгледзець і падабраць.

Біяметрыю — выключыць у рызыкоўны момант

Перад мяжой, акцыяй або сустрэчай з паліцыяй адключыце ўваход па адбітку пальца і твары і цалкам выключыце тэлефон: выключаны тэлефон цяжэй узламаць, а пальцам яго гвалтам не разблакуюць.

Шыфраванне

Смартфон з кодам блакавання шыфруецца сам. На камп'ютары ўключыце FileVault (macOS), BitLocker або «Шыфраванне прылады» (Windows); для асобных файлаў падыдзе VeraCrypt.

Абнаўленні важнейшыя за «схаваныя прасторы»

Карыстайцеся тэлефонам, які атрымлівае абнаўленні бяспекі, і ўсталёўвайце іх адразу. Людзям з групы рызыкі на iPhone варта ўключыць рэжым блакавання (Lockdown Mode). Схаваныя профілі накшталт «другой прасторы» не хаваюць даныя пры экспертызе — небяспечнае лепш наогул не захоўваць на тэлефоне.

Прылада пабывала ў сілавікоў

Лічыце яе заражанай: у 2025 годзе знайшлі шпіёнскую праграму, якую КДБ ставіць на тэлефоны затрыманых. Скіньце прыладу да завадскіх налад або замяніце яе, з іншай прылады змяніце паролі і завяршыце ўсе сеансы, папярэдзьце кантакты. Для актывізму гэтую прыладу больш не выкарыстоўвайце.

Сетка і званкі

VPN

Толькі платны правераны сэрвіс — не бясплатны і не расійскі. Абавязковы ў Беларусі і Расіі, пажаданы ў публічным Wi-Fi. VPN абараняе канал сувязі, але не робіць вас ананімнымі і не дапаможа, калі правяраюць сам тэлефон.

Званкі

Адчувальныя званкі — у Signal. Zoom — толькі з уключаным скразным шыфраваннем, Google Meet — толькі для адкрытых сустрэч. Размаўляйце ў навушніках, а не праз гучную сувязь, камеру ўключайце толькі калі трэба.

Асцярожна з новымі кантактамі

Не адкрывайце спасылкі і файлы ад незнаёмых без праверкі. Кароткія спасылкі накшталт iplogger адкрывайце толькі праз VPN, а ад ненадзейных кантактаў — не адкрывайце наогул. Нікому не перасылайце коды ўваходу з SMS і Telegram і звярайце ботаў і каналы з афіцыйным сайтам арганізацыі.

Без расійскіх і беларускіх сэрвісаў

Не карыстайцеся сэрвісамі, чые серверы ў Расіі або Беларусі: Яндэкс, VK, Аднакласнікі, Mail.ru, месенджар MAX.

Фота і публікацыі

Без геатэгаў і лішняга фону

Прыбірайце з фота геатэгі і метаданыя, не публікуйце ў рэальным часе, дзе вы знаходзіцеся. Правярайце фон: адрасы, нумары машын, дакументы, від з акна.

Чужыя твары — толькі са згоды

Не публікуйце людзей, якіх можна пазнаць, без іх яўнай згоды, а тых, хто можа паехаць у Беларусь, не здымайце наогул. Не выкладвайце фота сваякоў, якія жывуць у Беларусі.

Калі затрымалі

Што рабіць пры затрыманні ў Беларусі і што рабіць блізкім.

Вам

  1. 1

    Спакойна

    Не супраціўляйцеся фізічна. Спытайце, на якой падставе вас затрымліваюць і які ў вас статус: затрыманы, падазраваны ці сведка.

  2. 2

    Не сведчыце супраць сябе

    Паводле артыкула 27 Канстытуцыі ніхто не абавязаны даваць паказанні супраць сябе, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў. Скажыце: «Хачу адваката, да гэтага паказанняў не даю».

  3. 3

    Паролі

    За адмову разблакаваць тэлефон могуць пакараць — рашэнне застаецца за вамі, але абдумайце яго загадзя, а не ў кабінеце.

  4. 4

    15 сутак — не заўсёды канец

    Адміністрацыйны арышт нярэдка падаўжаюць або ператвараюць у крымінальную справу. Калі тэлефон вярнулі, лічыце яго заражаным.

Блізкім

  1. 1

    Што рабіць

    Пакрокавы план для родных і сяброў:

    • Даведайцеся, дзе ўтрымліваюць чалавека: праз дзяжурную частку або ізалятар.
    • Знайдзіце адваката.
    • Перадайце рэчы паводле правілаў установы.
    • Не публікуйце даныя затрыманага без узгаднення.
    • Не плаціце «ўнёскі» без кансультацыі з юрыстам.
    • Паведаміце праваабаронцам праз абаронены канал.

Куды звяртацца па дапамогу

Шмат якія з гэтых арганізацый улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі». З Беларусі пішыце ім толькі праз Signal або Proton і не захоўвайце перапіску.

Крыніцы